ІСКРАВА́Я КА́МЕРА,

кіроўны трэкавы дэтэктар часціц, дзеянне якога заснавана на ўзнікненні іскравага разраду ў газе ў месцы праходжання зараджанай часціцы. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы (даследаванне ядз. рэакцый), фізіцы элементарных часціц (эксперыменты на паскаральніках), астрафізіцы (вывучэнне касм. прамянёў), медыцыне.

І.к. мае разрадны прамежак, запоўнены газам. Тэлескоп лічыльнікаў (сцынтыляцыйных, чаранкоўскіх) па-за І.к. фіксуе з’яўленне часціцы і падае на электроды камеры высакавольтны імпульс напружання. Апошні паскарае электроны, што ўзнікаюць у газавай камеры на шляху зараджанай часціцы, і выклікае іскравы разрад уздоўж следу (трэку) часціцы. Разрады фіксуюцца фатаграфічным, акустычным, відыконным і інш. метадамі. У параўнанні з інш. трэкавымі дэтэктарамі ядзерных выпрамяненняў І.к. вызначаецца малой інерцыйнасцю, прастатой.

Літ.:

Искровая камера. М., 1967.

А.В.Берастаў.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)